Учора запазніўся на вячэру, бо дрэнна адчуваў сябе пасля суткавай варты. Ламіла паясніцу і моцна балела галава — ізноў вецер з Фінскага заліву прарваўся праз балоты Матаксы і прынёс з сабой невыносную салёную вільгаць, якую мой арганізм не трывае нават на дух. У палкавую сталоўку пайшоў без строю; сытыя шарэнгі ракетных дывізіёнаў, шумна скаціўшыся па лесвіцы з вялікай сопкі, знікалі ў расхрыстанай зеўры казармы.У агромністай, на тысячу байцоў, сталоўцы — пуста, толькі ўдалечыні за апошнім сталом сядзела пяцёра кухараў, ды зямляк-«хлебарэз» з-пад Чачэрску.
Зняможаны, падыходжу да земляка:
— Хадорчык, мо знойдзецца што пад’есці?
— Бяры вось, што ёсць, — ківае на хлеб, гарбатнік і цукар.
— Дык каб яшчэ і масла кавалачак?
— Смяешся? Адкуль? Хаця б на заўтра хапіла палку на сняданак, — хітраваў землячок...
Творческая мастерская «BARBAROSSA»: barbarossa18@mail.ru